|| сьцяна
|| навіны
|| кроніка
|| музыка
|| прэса
|| кантакты
|| фота

...у 1988 годзе зь першага беларускага рок-гурта BONDA сыходзяць Слава Корань i Сяржук Краўчанка, што фактычна абумовiла яго далейшы распад, пазьней да iх далучаецца Валеры Цынiцкi. У 1989 годзе разам з Фэлексам Аксёнцавым, Кiрылам Шэвандо й Адрэем Патрэем музыкi ствараюць новы рок-гурт пад назовам ULIS з наступным складам:

Слава Корань - гiтара, аўтар музыкi
Фэлiкс Аксёнцаў - аўтар тэкстаў
Сяржук Краўчанка - бас-гiтара
Андрэй Патрэй - сьпеў
Кiрыла Шэвандо - бубны
Валеры Цынiцкi - пэркусiя

Адразу ж, у 1989 годзе, музыкi запiсваюць пачатковым складам у месцы Ольштын (Польшча) сваю першую праграму. Гэта быў першы прафэсыйна зроблены альбом беларускiх рокераў. Грамадзтва зь вялiкiм захапленьнем успрыняла гэтую падзею, i гурт у момант апынуўся на вяршынi беларускага рок-Парнаса. Пазьней, у 1991 годзе гэта праграма была выдадзена фiрмай "Мелодия" © (Расея) на вiнiлавай кружэльцы пад назовам "Чужанiца". У 1996 годзе гэты альбом быў выдадзены на кампакт-касэце фiрмай "Ковчег" © (Менск).

У 1990 годзе замест Кiрыла Шэвандо ў гурт прыходзiць Сяржук Кныш, якi граў на бубнах у BONDА. Гэтым складам на той жа студыi ў Ольштыне гурт запiсвае сваю другую праграму, якая выдаецца ў 1991 годзе пад назовам "Краiна доўгай белай хмары" фiрмай "Polskie Nagrania" © (Польшча) на вiнiлавай кружэльцы. У 1996 годзе альбом быў выдадзен на кампакт касэце фiрмай "Ковчег".

Напрыканцы 1991 года замест Андрэя Патрэя ў гурт прыходзiць новы вакалiст Алег Тумашоў. Сыходзiць таксама й Валеры Цынiцкi (пэркусiя). Але ж гэта не перапыняе дзейнасьцi гурта. Ужо на пачатку 1993 года гурт запiсвае сваю трэцью, "самую рок-н-рольную" праграму, якая потым выдаецца на кампакт-касэце пад назовам "Танцы на даху". У лютым таго ж года выдаецца ангельская версыя праграммы "Dances On The Roof".

На пачатку 1994 года з-за сур'ёзных непаразуменьняў з гурта сыходзяць Алег Тумашоў, Сяржук Кныш i Сяржук Краўчанка, Фэлiкс Аксёнцаў зьяджае ў Канаду. Разам зь iмi сыходзiць i рамантычны перыяд нацыянальнага ўздыму, пост-перабудовага адраджэньня - пачынаецца перыяд рэакцыi й адначасова новы перыяд у творчасьцi гурта. Iстотна зьменьваецца й музычны стыль - гурт (на той момант у асобе Славы Кораня) пачынае граць больш цяжкi й радыкальны indie, лiрыка становiцца больш напружанай i эмацыянальнай, паглыбеннай у сябе.

У 1995 годзе "ULIS вяртаецца". Слава Корань разам зь Лёшай Паўловiчам запiсваюць новы альбом "Па-над дахамi". У тым жа годзе яго выдае фiрма "Ковчег" на кампакт-касэце, але з-за дрэннай якасьцi наклад касэт быў зьнiшчан.

У 1996 годзе гурт узбуйняецца :
Слава Корань - гiтара, сьпеў, аўтар музыкi й тэкстаў, прадзюсар
Лёша Паўловiч - бас-гiтара
Ягор Марачук - гiтара
Алег Дземiдовiч - бубны

Адначасова запiсваецца новая праграмма "Life 1996" (тэксты часкова Лявон Вольскi, гурт N.R.M.) i праграма "Блуканьне". Гэтыя праграмы былi выдадзены на кампакт-касэтах фiрмай "Ковчег" у гэтым жа годзе.

Напрыканцы 1996, пачатку 1997 года запiсваецца праграма "Ратуйце вашыя душы", якая ў 1997 годзе выдаецца фiрмай "Сатис" © (Менск) на кампакт-касэце.

У 1998 годзе BMA Group выдае два кампакт-дыскi зь лепшымi творамi ULIS'a.

За час свайго iснаваньня гурт удзельнiчала ў канцэртах i фэстах у месцах Менск, Бярэсьце, Горадня, Наваградак, Масква, Калiнiнград, Чэрнаўцы, Сопат (Польша), Беласток, Аўгсбург (Нямеччына), Лёндан (Англiя). У тым лiку :

20 верасня ўдзел у рок-iмпрэзах ў Маладзечна "Рок-немауля" i "Вольныя танцы".

Першага верасьня 1998 года ў Менску ў парке Чалюскiнцаў адбыўся штогодны фэст "Рок па вакацыях". Акрамя ULIS'у ў iм бралi ўдзел гурты НОВАЕ НЕБА, Н.Р.М., КРАМА, THE STOKES, THE RAVENS, i iнш.

25 чэрвеня 1998 года ў Менску ў парке Горкага адбыўся штогодны фэст "Рок-купальле". Удзельнiчалi ULIS, N.R.M., НОВАЕ НЕБА, КАМЭЛОТ, МЯСЦОВЫ ЧАС, KRAMA i маладыя гурты EXIST, СКЛЕП, DEVIATION.

27 чэрвеня 1998 года ў Менску ў парке Горкага адбылася антыпiратская акцыя "Любi Сапраўднае". Бралi ўдзел ULIS, ПЕСНЯРЫ, ПАНI ХIДА, НОВАЕ НЕБА, КРЫВI, КНЯЗЬ МЫШКIН, ТОРНАДО, КРАМА, Н.Р.М., НЕЙРО ДЮБЕЛЬ, КАМЭЛОТ, DRUM XTC, FLAMMABLE, THE STOKES, THE CRANKS, HASTA LA FILLSTA, V.I.P.S. i iнш.

У 1999 годзе з дапамогай фірмы "Ковчег" выходзіць альбом "Падарожжа" – здаецца яшчэ больш задуменны і паглыбленны ў самае нутро асобы. У альбом уваходзіць шэраг кавэраў на гіты славутых "Краіна ў кратах" і "Краіна доўгай белай хмары". У 1996 годзе гурт скарачаецца да трох асобаў : Слава Корань - гiтара, сьпеў, аўтар музыкi й тэкстаў, гукапрадзюсар і укладальнік; Віктар Самарукаў - бас-гiтара; Аляксандар Быкаў – бубны.

Год 2003. Нарэшце Слава Корань зрабіў альбом, які яго задавальняе. Мае на ўвазе выкшталцонае гучаньне дзевяты альбом "Уліса" "Люстэрка". Болей псіхалягічнага (ня блытаць з "псіхадэлічным") альбому ў беларускай рок-музыцы яшчэ не было. Стылёва "Люстэрка" набліжаецца да хард-року, хоць часам хіліцца да панку. Прыхільнікі "Улісу" пачатку 90-х знойдуць тут клясічныя "Кругі на вадзе", "Краіна доўгай белай хмары", "Радыё Свабода" у новых арынжыроўках. А тры песьні на вершы Караткевіча (проста шыкоўныя!) былі зроблены для "Скрыпкі дрыгвы" - чарговага супольнага праекту. Ёсьць на кружэлцы і кавэр на полькую "AYA RL" "Апавяданьне пра маю вуліцу".

Год 2007. Зараз у гурта ULIS наступны склад:
Слава Корань - гітара, вакал
Віктар Самарукаў - бас-гітара
Павел Ярмачэнка - бубны
Наталля Куніцкая - клявішы

 
 
Каталог белорусских сайтов
Rating All.BY
Еўрапейскае радыё для Беларусі
ZERO - 85
N.R.M. Official Web Site
NP.BY - Новый портал.
 
zuker © 2007
        ulis © 2007

        hosting by eXtmedia