Нататкi пра рок-гурт ULIS.


Адысей! Ен разумны. Ен вынайшаў траянскага каня i зрабiўся разбуральнiкам гарадоў. Ён нястомны. Ён вялiкi душою й сэрцам. Ен сапраўдны змагар i вандроўнiк. Так, Адысей - герой. Трыццаць гадоў Адысей вандраваў. Трыццаць гадоў супраць волi багоў, супраць лёсу. Адысей вяртаўся на Радзiму, а вярнуўся i забiў ворагаў сваiх, якiя трыццаць гадоў пераконвалi ўсiх: быццам бы ня вернецца Адысей.

Адраджэньне! Чуваць з усiх бакоў. Адродзiм культуру! Адродзiм мову! Адродзiм Беларусь! Спадчына! Грымiць на ўсiх сходах. Вернем спадчыну! Як можа адбыцца Адраджэньне, калi грувасткае "дж" увесь час падменьваецца на насьцярожанае "ч"? Паэты крычаць - АдраДЖэньне, а людзi чуюць - АдраЧэньне. Народ зьверыўся й выракся, адрокся i ад культуры, i ад мовы, i ад спадчыны, i ад Беларусi.

Засталiся адно паэты. I няма каму выканаць Максiмаў запавет: "Бiце ў сэрца iх - бiце мячамi. Не давайце чужынцамi быць!" Няма каму пакараць тых дзяцей Беларусi "Што забылi цябе, адраклiся, прадалi i аддалi ў палон..." А Спадчына? Хто аддасьць палоннаму i жабраку? Нiхто. I ня трэба крычаць тое, што не зразумеюць. А трэба вяртацца да Спадчыны, да Культуры, да Мовы, да Беларусi... Разумею, усе багi супраць нас, як былi яны супраць Адысея, калi ён вяртаўся на Радзiму. Адысей вярнуўся. Той Адысей, якога ў iмпэрскiм Рыме нараклi ULIS'ам.

"Ты ня ведаеш, ULIS зь Нямеччыны вярнуўся?" - пытаюцца ў мяне прыхiльнiкi рок-н-рола. ULIS з Польшчы прыехаў?" - спыняюць мяне арганiзатары беларускiх фэстаў. "Ты ня чуў, як ULIS выступiў у Талiне на мiтынгу "Рок пад кулямi"? Чамусьцi пасля таго, як я напiсаў нататкi "Цягнiк на Нясвiж" пра дэбют ULIS'а на беларускай сцэне, мяне залiчылi ў гэты рок-гурт у якасьцi летапiсца. Таму адразу скажу, што я не фанацею ад творчасьцi ULIS'а, а па сяброўску стаўлюся да музыкаў.

А таму ведаю, дзе ULIS, бо ў кавярнi "Нектар" магу спытаць у бас-гiтарыста Сержука Краўчанкi, як iм спадабалася Нямеччына. I ён дастане з пакета пачак нямецкiх газэт:
"...I вось нарэшце, а палове на дванаццатую, пачаў выступаць рок-гурт ULIS. Iхнi ўзровень - самы прафэсыйны з трох гуртоў. Iхнi рок сапраўды нiчога не варты для вушэй, якiя ня чуюць гармонii. Але той, хто любiць выразную музыку, - ён яе знайшоў..." - Так пiсалася ў адной зь iх.

А другая паведамляла наступнае:
"I тое, што там адбылося, было надзiва прафэсыйна i сапраўды ў найвышэйшай ступенi рок-н-рольна".
"На першым пляне - спявак Андрэй Патрэй. 3 ласкi Божай ён знайшоў кантакт з публiкай. Ён выступаў у стылi Iggy Pop. Напэўна, ён мог бы стаць сапраўдным мужчынам i ў больш жорсткай сiтуацыi - у хард-року".
"Гiтарыст Вячаслаў Корань заваёўвае слухача крыштальна чыстай iгрою, сваiм ашчадным i дакладным салiраваньнем. Рытм-сэкцыя з Сержуком Кнышом на бубнах, Сержуком Краўчанкам на бас-гiтары, а таксама з Валерыем Цынiцкiм на пэркусыях вельмi ўражвае, даводзiць да экстазу слухачоў, прымушае публiку гайдацца ў такт ..."
"Саўнд рок-гурту ULIS вельмi самабытны, бо яскрава праяўляюцца сувязi з беларускiм фальклёрам..."

Калi я ў "Нектары" сустрэў Фэлiкса Аксёнцава, аўтара ўсiх ULIS' аўскiх тэкстаў, той расказаў мне пра побыт яго гурту ў Ольштыне:
"Запiс альбома "Краiна доўгай белай хмары" нагадваў паляваньне. Той гук, што чулi ў сабе музыкi, здаваўся недасягальным. I добра, бо не дай Божа, каб усё, што мы чуем, супадала з рэальным гукам. Калi мы зьвялi фанаграмы, вынiк крыху зьдзiвiў нас усiх... Кожны, пачынаючы працу, меў свае ўяўленьне пра альбом. А атрымалася iншае, ня горшае i ня лепшае, а менавiта iншае. У той дзень, калi мы прыехалi ў Ольштын, каб запiсаць наш другi альбом, пачалася будоўля касьцёла для студэнтаў, калi мы ад'язджалi, будоўля была скончана. Мы працавалi менш як месяц. Уражаньнi Патрэя пра Эстонiю мяне зьдзiвiлi, бо Андрэй настойлiва даводзiў, што ў Эстонii культура значна вышэй чым у Нямеччыне. Спрачацца я не мог, бо ня быў за мяжой.

ULIS - падарожнiк. I ня толькi ў простым, але й у пераносным сэнсе. У сваёй творчасьцi ўлiсаўцы першыя адчулi i паказалi адчужанасьць, праз якую пакутуе кожны беларускi iнтэлiгент у сябе на Радзiме. Першы альбом запiсаны ў 1989 годзе называўся "Чужанiца". Так здарылася, што гэта быў не толькi першы альбом "ULISа", а наогул першы прафэсыйны альбом усiх беларускiх рокераў, бо iншыя не здолелi перайсьцi мяжы, што падзяляла зборкi песень i ўласна альбом. "Чужанiца" для многiх застаецца лепшым рок-творам : як першае каханьне, як першае слова, што скажа тваё дзiця.

Другi альбом "Краiна доўгай белай хмары" 1990 года слухачы ўспрынялi не з такiм захапленьнем, як "Чужанiца". Тут спрацавала столькi ўсяго, што ня хочацца i гаварыць. Ня хочацца, але трэба, бо такая заганная з'ява, як зайздрасьць, зрабiлася ледзь не нацыянальнай рысай беларуса. Памятаеце анэкдот, у якiм беларус просiць у Бога, каб у суседа здохла карова? Дзiкунства, ён ня просiць нiчога сабе i сваiм родным, ён кленчыць перад Усявышнiм, каб той учынiў зло. I ўсе смяюцца. Прыкладна ў сiтуацыi суседа апынуўся i ULIS, калi прывёз з Ольштына другi альбом.

Дайшло да абраз у друку: "Все вроде в кайф. Но но... То ли недостаток опыта, то ли "камера" ККЗ "Орленок" оказалась великовата... Сюда же я бы отнёс и минский ULIS, хотя столичная публика приняла их холодновато, а кое-кто просто материл... Все верно, нафиг столице содранные "U-2" и "ПОЛИС", если можно послушать оригинал... К тому же при неплохой технике буквально колет глаза статичность улиссовцев и "лоховатость" вокалиста. Короче - (Тут было брыдкае расейскае слова. Я зьняў. А. Г.). Впрочем, без привычного моему уху провинциализма.".

Вось такi камэнтар выдаў магiлёўскi часопiс "Окорок" у №№ 4-5 за 1989-1990 год, на вокладцы якога намалявана сьвiнка-скарбонка з надпiсам "MADE IN MOGILEV". Пасля такога прыкладу, думаю, будзе зразумелая мая заява: беларускi творца пачувае сябе чужанiцаю на Радзiме. I, натуральна, узьнiкае жаданьне з'ехаць, уцячы, пакiнуць i магiлёўскую сьвiнку-скарбонку, i правiнцыйнае вуха, i БССР. 3'ехаць i выступаць у той жа Эстонii цi Нямеччыне, бо нямецкая газэта напiша, што ULIS грае чысты соўл, i ў яго вельмi мала агульнага з "U-2", як i ў аўгсбургскiх гуртоў з рокам 70-х, што саўнд "ULISа" вельмi самабытны...

I ULIS з'язджае, каб iграць, каб пiсаць музыку, каб жыць... I ULIS вяртаецца на Радзiму, як Адысей, насуперак лёсу, ён вяртаецца i прывозiць новыя творы, новыя альбомы. Музыкi ня скардзяцца на недахоп часу i грошай i на благую апаратуру. Яны стварылi два альбомы "Чужанiца" i "Краiна доўгай белай хмары", якiя на сёньняшнi дзень i вызначаюць узровень рок-н-рола на Беларусi. Таму, дзякуй Богу, што ёсьць у нас рок-гурт ULIS.

Так, ULIS... Ен бадзяецца па горадзе. Ен брыдзе па праспэктах, прапахлых спаленым бэнзiнам i перапоўненых абыякавасьцю. Ен крочыць па вулiцах, зацярушаных пылам i запоўненых мiтусьнёю. Ен шыбуе завулкамi, заваленымi смецьцем i насычанымi падазронасьцю. Ен iдзе ўздоўж сквэраў i паркаў, мiнае пiўзаводы i бровар, шэрыя парканы i вузкiя форткi... Ен нясе свой смутак, сваю злыбеду, свой гонар i сваю прагу вяртаньня.

ULIS вяртаецца да Спадчыны. ULIS вяртаецца да мовы. ULIS вяртаецца на Радзiму. Так, ULIS - герой. А трыццаць здраднiкаў на трыццаць галасоў крычаць, што ULIS ня вернецца, бо ён нiкуды не сыходзiў, усё, што было, тое i ёсьць, i будзе...

Адам Глёбус. "Бярозка", лiпень 1991 год.

Згарнуць