Нагадаю, што гісторыя “ULISа” распачалася ў 1988 годзе, калі са знакамітага рок-гурту “Bonda” па прычынах творчых супярэчнасьцяў сыходзяць гітарыст Слава Корань і басіст Сяржук Краўчанка. Праз год гэтыя музыкі і сталі заснавальнікамі новага музычнага калектыву, назву якому падказаў толькі што выдадзены на Беласточчыне раман знакамітага ірляндзкага пісьменьніка Джэймса Джойса “Ўліс” у беларускамоўным перакладзе Яна Максімюка. І ўжо ў 1989 годзе музыкі гурту “ULIS” у прафэсыйнай студыі Рышарда Шміта запісваюць свой першы альбом “Чужаніца”, які ў 1991 годзе быў выдадзены фірмай “Мелодия”. Да запісу “Чужаніцы” спрычыніліся тыя, каго спэцыялісты сёньня называюць першым складам легендарнага гурту: гітарыст і аўтар музыкі Слава Корань, тэкставік Фелікс Аксёнцаў, басіст Сяржук Краўчанка, вакаліст Андрэй Патрэй, барабаншчык Кірыла Шэвандо і пэркусіяніст Валеры Цініцкі. Тагачасная слухачы з прыхільнасьцю сустрэлі альбом маладога гурту, нягледзячы на тое, што з боку крытыкаў былі выказаныя заўвагі наконт запазычваньняў. Прэм’ерны дыск гурту “ULIS” быў прыхільна сустрэты і прэсаю. Вось, напрыклад, што адзначала у той час беларуская прэса: “Невялікі па колькасці інструмэнтальны састаў можа разьлічваць у пошуках адметнага гучаньня толькі на ягоную натуральнасьць, на завершанасьць аранжыровак, на прыгожасьць гука асноўнага інструмэнта гурту – гітары С. Кораня. Пры гэтым тэмбры інструмэнтарыя гурту – чыстыя, сьветлыя, нават празрыстыя... Гэты дыск – матар’яльнае пацьверджаньне эўрапейскасьці мысьленьня музыкаў гурту “ULIS”, надзея на станоўчы напрамак у разьвіцьці ўсёй беларускай рок-музыкі”. (“Мастацтва”, №8 1990 г.).
Посьпех “Чужаніцы” абумовіў цікавасьць слухачоў і да наступных запісаў гурту – дыскаў “Краіна доўгай белай хмары”, што быў выдадзены ўжо ў Польшчы і альбому “Танцы на даху”. Гэтыя вельмі ўдалыя па задуме і гучаньню праграмы высунулі гурт у лідэры беларускага рок-руху. Дарэчы, ў 2004 годзе названыя альбомы гурту “ULIS” зь вялікім посьпехам перавыдадзеныя суполкай БМАgroup. Новае жыцьцё старых рарытэтаў нагадвае маладзейшым слухачам пра творчае аблічча ўлюбёнага гурту, якое дамінавала ў мінулым стагодзьдзі.
Гэтая абставіны спрыялі таму, што гурт “ULIS” увесь час знаходзіўся ў музычных падарожжах, апраўдваючы сваю літаратурную назву. Так, толькі за некалькі гадоў пасля свайго стварэньня і выданьня альбому, “ULIS” пасьпеў пабываць з гастрольнымі вандроўкамі ў Нямеччыне, Польшчы і Эстоніі. Вось як успамінае гэты пэрыяд творчасьці гурту “ULIS” ягоны лідэр Слава Корань: “З асаблівым пачуцьцём успамінаю першую паездку ў Нямеччыну і канцэрт у клюбе гораду Аўсбург. Клюб быў поўным, мы выступалі зь вялікім посьпехам. І мне здавалася, што ўсё гэта нерэальна, адбываецца не са мной. Калі-б мне сказалі, што гурт “ULIS” праз некаторы час будзе выступаць на адной сцэне з “Jetro Tull”, “The Stranglers”, “Kaoma”, “Nitzer EBB”, “Marillion” альбо “Holi Joy”, то я, хутчэй, не паверыў-бы таму!” (“Голас Радзімы” №14-17, 22.04.2004).
Але асабліва музыкам памятная паездка з канцэртнымі выступамі ў Вялікай Брытаніі. На радзіме “Beatles” беларускія музыкі адыгралі некалькі канцэртаў у лёнданскіх канцэртовых залях і клюбах, далі вялікае інтэрвію і “жыўцом” выступілі на сусьветна вядомай радыёстанцыі BBС, былі гасьцямі заснавальніка знакамітай фірмы гітарных узмацняльнікаў “Marshall”, якому “ўлісаўцы” прэзэнтавалі свае альбомы...
Але ня толькі ўдалымі паездкамі па замежжы вядомы гурт. Удзельнікі “ULISа” шмат чаго зрабілі, каб у Беларусі змаглі выступіць цікавыя калектывы альтэрнатыўнай накіраванасьці з усяго сьвету. Дзеля гэтага імі была заснавана сэрыя канцэртаў “ULIS” зьбірае сяброў”. Удзельнікамі іх былі гурт “Frantic club” зь Нямеччыны, гурты зь Вялікабрытаніі “Snatch” “Nitzer ЕВВ”, “Меkа”. Відавочна, што гэтыя канцэрты пашыралі веды беларускіх слухачоў адносна стылістычных асаблівасьцяў некамэрцыйнай рок-музыкі на Захадзе. Асаблівую папулярнасьць “ULIS” атрымаў у Польшчы, дзе вялікай цікавасьцю карыстаўся іх дыск “Краіна доўгай белай хмары”, які быў выдадзены мясцовай фірмай грамзапісу “Polskie Nagrania” і вельмі шырока быў прадстаўлены ў польскіх музычных крамах. “ULIS”— заўсёдны ўдзельнік фэстывалю музыкі маладой Беларусі “Басовішча”. Там-жа створаны і фан-клюб гурту, які дзейнічае і сёньня, распаўсюджваючы дыскі і зьвесткі пра ўлюбёную каманду. Да таго-ж, Слава Корань – сталы сябра журы фэсту “Басовішча” і шмат зрабіў, каб зь Беларусі на гэтую музычную імпрэзу адпраўляліся толькі самыя дастойныя рок-выканаўцы...
Што-ж так захапляла беларускіх слухачоў у музыцы гурту “ULIS” ў тыя часы? Бадай тое, што Слава Корань і ягоныя сябры прапанавалі вельмі складаную музыку, карані якой былі ў эўрапейскай рок-традыцыі. Музыкі сьвядома арыентаваліся не на стварэньне “лабавых” гітоў, а прапаноўвалі тэмы, якія хвалявалі ўсіх слухачоў, не зважаючы на папрокі ў змрочнасьці ці безвыходнасьці песень. У гэтым сэньсе паваротным стаў альбом гурту “ULIS” “Краіна доўгай белай хмары” Гукавая палітра гэтага альбома, як і папярэдняга – “Чужаніца”, была хучэй рамантычнай і трошкі мелянхалічнай. Гэтаму эфэкту спрыялі шырокія магчымасьці тагачаснага вакаліста Андрэя Патрэя, празрыстыя тэмбры гітары і рафінаваныя сола Славы Кораня, якімі захапляўся тады лідэр “ULISа”. Да таго-ж, вельмі важную справу для наданьня пазнавальнага гучаньня гурту рабілі бубнач Сяржук Кныш, басіст і кампазытар Сяржук Краўчанка – былыя музыкі легендаранай “Бонды”.
Тут трэба адзначыць, што вялікую ролю ў стварэньні рамантычнага вобразу песень адыграў “улісаўскі” тэкставік Фелікс Аксёнцаў: “Паэт разумеў, што для якаснай музыкі патрэбны якасны тэкст: з унутранай драматургіяй і небанальны сымбалізмам, з абавязковым інтэлектуальным напаўненьнем, з мэтрычнай адэкватнасьцю рытмам року” (“Мастацтва” №8, 1990).
Разам гэты сплаў пранікнёнай лірыкі і выканаўчых навацыяў забясьпечыў песьням “ULISа” тое, што іх кампазыцыі апэлявалі да інтымнага сьвету перажываньняў і пачуцьцяў тагачаснага маладога беларуса. І таму многія песні станавіліся агульнанацыянальнымі гітамі, любімымі аматарамі рок-музыкі розных узростаў. Гэта тычыцца такіх песень, як “Чужаніца”, “Радыё Свабода”, “Пляц Францыска”, “Іржавыя дні”, “Танцы на даху”, “Краіна доўгай белай хмары”,“Як на далоні”, “Лязо”, “Пан Руст”...
Нажаль, як і многіх таленавітых гуртоў, “ULIS” нечакана напаткаў творчы крызіс. Некаторыя музыкі зьехалі на эміграцыю, некаторыя заняліся бізнэсам ці проста сыйшлі з каманды. У выніку ў 1994 годзе склад гурту значна зьмяніўся. І асноўная прыкмета зьменаў – вакалістам гурта стаў лідэр-гітарыст Слава Корань. Да яго далучыліся бас-гітарыст Аляксей Паўловіч (“Крона”), бубнач Алег Дземідовіч (“N.R.M.”) і другі гітарыст Ягор Марчук. Гэтым складам гурт падрыхтаваў і выдаў на магнітафонных касэтах такія альбомы як “Па-над дахамі” (1995), “Life 1996”, “Блуканьне”(1996), “Ратуйце вашыя душы” (1997)... З гэтымі ды іншымі музычнымі праграмамі, якія чакаюць свайго часу для рэмастэрынга і перавыданьня, ўдзельнікі гурта выступалі ў Маскве, Калінінградзе, Чарнаўцах, на фэсьце ў Сопаце (Польшча), па гарадох Беларусі.
Навейшы этап у творчасьці “ULISа” пачаўся з таго, што гурт ператварыўся ў трыо: сола-гітара і вакал – Слава Корань, Віктар Самарукаў (бас-гітара), Аляксандар Быкаў (бубны). Такія зьмены не паўплывалі на актыўнасьць гурта, які пастаянна радаваў незвычайным гучаньнем новых альбомаў, глыбокімі сімбалічнымі тэкстамі, яркімі канцэртнымі выступамі. І ня толькі ў складзе “роднай ” каманды: Слава Корань – сталы ўдзельнік супольнага праекту “Народны альбом”, акампаніятар рок-сьпявачкі Касі Камоцкай, а бубнач Аляксандр Быкаў – актыўны ўдзельнік застольнага праекта “Крамбамбуля”. Гэтым легендарным складам “ULIS” запісаў і выдаў на кампакт-дысках свае апошнія альбомы “Падарожжа” (2000) і “Lusterka” (2003).
У гэтых працах Слава Корань найпаўней рэалізаваў сябе ў новай іпастасі – як гукарэжысёр. Гэтаму дапамагло тое, што Слава пачаў вельмі актыўна асвойваць складаныя кампутарныя праграмы па лічбавым гуказапісу. У выніку гэтыя альбомы – лепшыя па гучаньню ў дыскаграфіі “ULIS”. Але ня толькі якасьцю гукавых дарожак прывабліваюць слухачоў гэтыя дыскі. Перш за ўсё, высокім выканаўчым майстэрствам музыкаў, творчым выкарыстаньнем найноўшых музычна-стылявых сродкаў. І гэта ў духу “падарожжаў” гурта “ULIS”: “Атрымалася так, што нашыя музычныя ідэі былі сугучныя эўрапейскім тэндэнцыям ў рок-музыцы. Мы дадавалі свае беларускія матывы, сваё разуменьне сучаснай музыкі, і з гэтага выкрышталізаваўся стыль гурту – “музычная вандроўка”. Мы заўсёды экспэрымэнтуем, зьмяняемся ў музычным пляне, не прытрымліваемся нейкага аднойчы вызначанага стылю. Таму нам блізкі і гард-рок, і гард-кор, і шмат чаго іншага з сучаснага музычнага арсэналу” — так тлумачыць слухачам зьмены ў гучаньні каманды лідэр гурту “ULIS” Слава Корань.
Мэлядычна песьні С. Кораня сталі больш выкшталцонымі, адчуваецца, што ён не перастаў вельмі ўважліва і паважна ставіцца да распрацоўкі тэмы, аранжыровак. Таму ў ягоных песьнях застаецца галоўнае – рок-н-рольны імпэт і фальклёрная аснова. Каб у гэтым упэўніцца, лепш за ўсё ўспомніць кампазыцыі гурту “ULIS” – “Падарожжа”, “Ня ведаў, калі зьніч”, “Чаму?” з альбому “Падарожжа”...
Апошні альбом гурту “Люстэрка” працягвае тэматычны шэраг філязофскіх разважаньняў лірычнага героя гурта “ULIS” адносна фундамэнтальных каштоўнасьцяў чалавечага існаваньня – лёсу Радзімы, яе мовы, свабоды асобы, веры ў Бога і жыцьця чалавека... Дзеля гэтых мэтаў музыкі зьвярнуліся да гукавых фарбаў, адрозных ад тых, што выкарыстоўвалі раней. На альбоме дамінуюць больш жорсткія рытмы і тэмбры, створаныя з дапамогаю гітарнага працэсара, аснову аранжыровак складаюць разгорнутыя гітарныя партыі, якія, быццам, дапаўняюць словы тэкстаў песень. Чаму адбылася такая метамарфоза з гучаньнем і музыкай гурту “ULIS”? Ня трэба забывацца на тое, што гурт ператварыўся ў трыо, і такія насычаныя тэмбры памагаюць С. Кораню дабіцца ансамблевай шчыльнасьці гучаньня. У той-жа час эмацыянальны вакал Славы Кораня і гітарны драйв дапамагаюць спасьцігнуць сэнс кампазыцый і зразумець тое, што хвалюе аўтара. Думаю, слухачы адчуюць гэты пасыл да слухача ў такіх кампазыцыях з альбому “Lusterka” як “Заварожаны сад”, “Ты”, “Я таньчу”, “Забыты герой”, у песьнях на вершы У. Караткевіча “Жаўранак”, “Устану ранкам”.
Так, ня многія беларускія рок-калектывы могуць сказаць, што іхная творчая канцэпцыя зьмянялася на працягу пятнаццаці гадоў, бо яна лягічна выцякала з назвы гурта. У адной зь песень альбому “Lusterka” ёсьць такія словы: “У адпаведнай краіне твой лёс пад замком...” Для недасьведчаных слухачоў гэта – быццам-бы сымбаль месца, дзе яны жывуць. Для лідара “ULISу” Славы Кораня “адпаведная краіна” – тое, чым займаецца ён ўсё свае жыцьцё і што хоча рабіць і надалей – выконваць сапраўдную беларускую рок-музыку.
Дыскаграфія гурта “ULIS”:
1. “Чужаніца” (1989-1991, “Мелодия” LP, БМАgroup, 2004, CD)
2. “Краіна доўгай белай хмары” (1990, “Polskie Nagrania”, LP, БМАgroup, 2004, CD)
3. “Танцы на даху” (1993, “Ковчег”, МС, БМАgroup, 2004, CD)
4. “Па-над дахам” (1995, “Ковчег”, МС)
5. “Life 1996” (1995, «Ковчег», МС)
6. «Блуканьне» (1996, «Ковчег», МС)
7. “Ратуйце вашыя душы” (1996-1997, “Саціс”, МС)
8. “Падарожжа” (1999-2000, “Ковчег”, CD)
9. “Lusterka” (2003, BELPI, CD)